СІЛЕ́ЗСКІЯ ШКО́ЛЫ,

дзве літаратурныя школы ў Германіі ў 17 ст. Назва ад цэнтра літ. суполак у сілезскім г. Брэслаў. Заснавальнік першай С.ш. паэт М.​Опіц, які першы пачаў пісаць філас. грамадз. лірыку на ням. мове, паслядоўна правёў сілаба-танічную рэформу і напісаў трактат па паэтыцы «Кніга пра нямецкае майстэрства паэзіі» (1624). Ён вызначыў стыль паэтаў гэтай школы, у творчасці якіх рысы барока спалучаліся з элементамі класіцызму, рацыяналізмам і афарыстычнасцю формы (П.​Флемінг, Ф. фон Логаў). Асн. праблематыка — 30-гадовая вайна, адказнасць чалавека перад часам, айчынай і сабою. Другая С.ш. ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. (К.​Г.​Гофмансвальдаў, Д. фон Лоэнштайн, К.​Грыфіус) і належыць да барока. Яе стыль адзначаны моцным уплывам марынізму і прэцыёзнай літаратуры, адметны складанай метафарычнасцю, маляўнічасцю, музычнасцю і вытанчанасцю формы. Асн. тэмы — марнасць быцця і велічнасць чалавечага духу, каханне, а таксама геданізм і эратычныя матывы. Абедзве С.ш. з’явіліся фундаментам класічнай ням. паэзіі.

Літ.:

Синило Г.В. Немецкая литература XVII в. // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)